Тэлефоны: 8 017 280-35-26
Адрас: вул. Талбухіна, 18
побач: метро «Парк Чалюскінцаў»

Гісторыю распавядае

Алена

спецыяліст па энергазахаванні

«Часта тут можна пабачыць фільмы, якія не разлічаны на масавага глядача і не паказваюцца ў большасці мінскіх кінатэатраў, што таксама файна»

У кіно хадзіць люблю. Вельмі. Хаджу часта і з вялікай асалодай. І як кінаглядач з вялікім досведам магу сказаць, што выбар кінатэатра — справа адказная, паколькі кінатэатраў у Мінску з аднаго боку дастаткова, а з іншага боку атмасфера ў зале прыемная далёка не заўжды. У гэтым сэнсе «Дом кіно” для мяне тое месца, куды людзі прыходзяць усёткі не чыпсамі шамацець.

Неяк даўно выпадкова трапіла туды на сеанс і з той пары, бадай, «Дом Кіно” - улюбёнае месца для паходаў у кіно. Радуе ў першую чаргу кантынгент глядачоў. Дакучлівага шамацення, гукаў пляшак, якія кацяцца, і разнастайных каментараў тут практычна не чуваць, і гэта прыемна. Робіцца ўражанне, што людзі прыходзяць у «Дом кіно” для культурнага адпачынку. З інтэр'ерам нібыта ўсё проста, але ўтульна. Чакаючы сеансу можна пабалбатаць, седзячы на канапах альбо, напрыклад, азнаёміцца з чарговай экспазіцыяй карцін і фатаграфій, прэзентаванай у холе. Шмат хто скажа, што сядзенні ў зале нязручныя — магчыма, але сказаць што гэта вялікая загана нельга. Тым больш, у кінатэатры прадугледжаны VIP-шэраг, дзе можна цалкам расслабіцца на вялікіх і мяккіх фатэлях. Плюс, часта тут можна пабачыць фільмы, якія не разлічаны на масавага глядача і не паказваюцца ў большасці мінскіх кінатэатраў, што таксама файна.

Увогуле, «Дом кіно” вельмі ўтульнае месцайка, якое захавала нейкі свой стыль спакою і чысціні ва ўсіх сэнсах. А пакуль чакаеце свайго сеансу ці наадварот вырашылі пасядзець у прыемным месцы і абмеркаваць ужо прагледжаны фільм, можна завітаць у кавярню побач з кінатэатрам, якая адкрылася зусім нядаўна. Anyway Cafe, зробленае ў «нью-ёрскім”. Арганізатары запэўніваюць, што ў кавярні ў хуткім часе будуць ладзіцца свае паказы старых фільмаў. Дык што ў Вас з’явіцца мажлівасць убачыць адразу некалькіх фільмаў у 2-х месцах.

Фота: Ірына Беразоўская




comments powered by Disqus